Тэма 4. МІЖАСОБАСНАЯ МАЎЛЕНЧАЯ КАМУНІКАЦЫЯ

 

Даследчыкі сацыяльнай камунікацыі супрацьпастаўляюць міжасобасную і масавую камунікацыю.

Міжасобасную (інтэрперсанальную) камунікацыю вызначаюць як працэс абмену паведамленнямі і іх інтэрпрэтацыямі двума ці некалькімі індывідамі, якія ўступілі ў кантакт адзін з адным [11, с. 63]. Гэта складаная, шматгранная, шматузроўневая спецыфічная дзейнасць, галоўным інструментам якой выступае асоба. У зносінах адбываецца станаўленне чалавека, выяўляецца яго сутнасць, сацыяльна-псіхалагічныя ўласцівасці і якасці.

Міжасобаснай камунікацыі ўласцівыя:

1) непазбежнасць (зносіны – умова жыццядзейнасці чалавека, яго галоўная сацыяльная патрэба);

2) незваротнасць;

3) цесная зваротная сувязь (адрасат рэагуе на прынятае паведамленне і вяртае вобразы і ўяўленні аб сітуацыі зносін партнёру);

4) багацце вербальных і невербальных кодаў (чалавек прад’яўляе адносіны да партнёра і звяртаецца да яго ў вербальных маўленчых і невербальных формах выражэння);

5) паэтапнасць (зносіны праходзяць у сваім развіцці пэўныя этапы);

6) сітуацыйныя фактары (камунікацыю абумоўліваюць мэты, правілы, ролі, дзеянні, паслядоўнасць паводзін, разуменне сітуацыі, фізічнае асяроддзе, мова і маўленне, цяжкасці і навыкі зносін, камунікатыўны стыль).

Асноўнай мэтай міжасобаснай камунікацыі з’яўляецца адрасат, які таксама праяўляе актыўнасць (адрасант ↔ адрасат). Вынікам намаганняў партнёраў па зносінах становіцца ўзровень узаемаразумення, спагады, сістэма ўзаемаадносін, якая склалася.

Іх дасягненне патрабуе часу, таму зносіны ўключаюць некалькі цыклаў, кожны з якіх завяршаецца рашэннем пэўнай камунікатыўнай задачы. Так, любыя зносіны пачынаюцца з этапу арыентавання, на якім адбываецца выбар партнёра і фарміраванне першага ўражання пра яго. Тут важныя прасторава-часавыя характарыстыкі зносін, паводзіны партнёраў, іх эмацыйна-эстэтычная прывабнасць. На другім этапе адрасант прад’яўляе сябе партнёру, усталёўвае з ім кантакт, дэманструючы пажаданыя, прывабныя для іншага рысы характару і навыкі, пазначаючы свой сацыяльны статус. На трэцім этапе партнёры праяўляюць узаемную зацікаўленасць, удакладняюць ўражанне адзін пра аднаго. На чацвёртым этапе яны абменьваюцца меркаваннямі, пачуццямі і думкамі. У канчатковым выніку пазнаванне інтарэсаў, пазіцый, установак, каштоўнасцяў і светапогляду адзін аднаго, якія складаюць іх непаўторнасць, духоўна ўзбагачае абодвух.

Вылучаюць тры тыпы міжасобасных зносін:

1) імператыўныя (дырэктыўныя, аўтарытарныя): адрасант кантралюе паводзіны, устаноўкі, думкі адрасата і прымушае яго да пэўных дзеянняў;

2) маніпулятыўныя: адрасант наўмысна, але ўтоена падахвочвае адрасата да дзеянняў, якія супярэчаць яго інтарэсам і перакананням;

3) дыялагічныя (гуманістычныя): адрасант і адрасат імкнуцца спазнаць адзін аднаго, паважаюць меркаванне і пазіцыю партнёра па зносінах, праяўляюць ўзаемны давер.

Масавай камунікацыяй называюць “працэс распаўсюджвання
інфармацыі (ведаў, духоўных каштоўнасцяў, маральных і прававых нормаў і да т. п.) з дапамогай тэхнічных сродкаў (друк, радыё, кінематограф, тэлебачанне) на колькасна вялікія аўдыторыі” [11, с. 64]. Гэта спецыфічная форма камунікацыі ўзнікла дзякуючы выкарыстанню тэхнічных сродкаў распаўсюджання і перадачы паведамленняў.

Масавай камунікацыі ўласцівы наступныя прыкметы:

1) адрасант – спецыяльныя арганізацыі і інстытуты (рэкламныя агенцтвы, рэдакцыі газет і часопісаў, тэлеканалы, урад, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і інш.);

2) адрасат – шырокая, ананімная, разнастайная, геаграфічна распаўсюджаная, аддаленая аўдыторыя (чытачы, слухачы, гледачы, карыстальнікі, патэнцыйныя пакупнікі, электарат);

3) канал – тэхнічныя сродкі, масмедыя, якія забяспечваюць рэгулярнасць і тыражаванасць камунікацыі (прэса, радыё, тэлебачанне, Інтэрнэт, кінематограф);

4) характэрная шматканальнасць, маецца вялікі выбар камунікатыўных сродкаў;

5) зваротная сувязь з адрасатам слаба выражаная і адтэрмінаваная ў часе;

6) адносіны з адрасатам рэгулююцца слаба і фрагментарна, з дапамогай бюракратыі;

7) час падачы паведамленняў можа быць непасрэдным і апасрод-каваным;

8) частка людзей атрымлівае паведамленні адрасанта не з масмедыя, а ад іншых людзей.

Атрымальнік інфармацыі масмедыя стыхійны і хаатычны. Масавую камунікацыю называюць рэтыяльнай (ад лац. rete ‘сетка, нерат’), паколькі яе сродкі дабіваюцца ўстанаўлення кантакту з адрасатам і пастаяннага ўтрымання яго ўвагі, прапаноўваючы яму сацыяльна значную інфармацыю. У цэнтры ўвагі масавай камунікацыі “знаходзіцца чалавечае грамадства, якое выступае як абмежаваная сацыяльная прастора са спецыфічнымі ўнутранымі працэсамі і культурнымі характарыстыкамі” [9, с. 9].

Аднак яны ўздзейнічаюць на яго аднанакіравана (АДРАСАНТ → АДРАСАТ). Іх уплыў носіць сугестыўны (ад лац. suggestio ‘унушэнне’) характар. Масмедыя ўздзейнічаюць на псіхіку, пачуцці, волю і розум атрымальнікаў паведамленняў, зніжаючы іх свядомасць, замінаючы ім аналізаваць і крытычна ацэньваць прапанаваную інфармацыю.

Інфармацыйнае ўздзеянне масмедыя на масавую свядомасць можа насіць як станоўчы, так і адмоўны характар. Гэта залежыць ад мэтавай устаноўкі адрасанта. Інфармацыя, якая перадаецца з дапамогай СМІ і разлічаная на масавага спажыўца, мае агульны і адначасова выбарчы характар. Яна выбарчая ў адносінах да перададзенага зместу, які дыктуецца задачамі і мэтамі адрасанта. Дзякуючы інтэнцыі адрасанта і рэакцыі адрасата ствараецца сітуацыя напружання, выкліканая неабходнасцю “прарыву” праз імпліцытна, асаблівым чынам закадзіраваную інфармацыю, якая задае зносінам энергію ўздзеяння” [9, с. 16].

З мэтай інфармацыйна-моўнага ўздзеяння на масавую свядомасць масмедыя шырока выкарыстоўваюць як вербальныя, так і невербальныя сродкі зносін. Выкарыстоўваючы гук і малюнак, яны ствараюць ілюзію ўдзелу адрасата ў паведамленых падзеях, які “зачараваны менавіта тым, што ён назірае нечаканае, неадабраны жыццёвы матэрыял, так што паміж ім і рэальнасцю няма ніякага пасярэдніка” [19, с. 329–330].

“Тэлебачанне, радыё і тэлефон зноў наблізілі нас да культуры вуснай камунікацыі, сёння да гэтага дадаліся мабільныя тэлефоны і аўдыякнігі. У старажытнай вуснай традыцыі інфармацыя магла захоўвацца ў выглядзе падзеі. Але гэта характэрна і для падачы інфармацыі цяперашнімі СМІ. Нанізванне падзей дамінуе ў навінах усяго свету, як у Гамера. І культурная задача тэлебачання застаецца той жа, што і ў антычных паэтаў: record and preserve – запісвай і захоўвай” [2, с.10].

Масавая камунікацыя мае некалькі разнавіднасцяў. У іх лік уваходзяць:

1) рэклама – перададзеная пры дапамозе сродкаў масавай камунікацыі інфармацыя аб спажывецкіх уласцівасцях тавараў і паслуг з мэтай актыўнага ўздзеяння на аўдыторыю для рэалізацыі і стварэння попыту на гэтыя тавары і паслугі;

2) палітычная камунікацыя – сукупнасць працэсаў і інстытутаў, якія ажыццяўляюць інфармацыйнае ўзаемадзеянне паміж палітычнай сістэмай і навакольным асяроддзем, а таксама паміж элементамі палітычнай сістэмы;

3) сувязі з грамадскасцю (выставы і кірмашы, PR) –
сацыягуманітарная прыкладная сфера навуковых ведаў, накіраваная на стварэнне даверу паміж індывідам і групай, якая аказвае інфармацыйны ўплыў на грамадскую думку;

4) журналістыка – творчая дзейнасць журналістаў, якая заключаецца ў пошуку, перапрацоўцы і перадачы значнай у грамадстве інфармацыі з дапамогай друку, радыё і тэлебачання нявызначанай масавай аўдыторыі з мэтай яе інфармавання і сацыяльнага адаптавання, а таксама адлюстравання і фарміравання грамадскай думкі.

Зносіны ўяўляюць сабой вельмі складаную з’яву, таму існуе некалькі розных класіфікацый відаў зносін, якія будуюцца на розных падставах.

  1. Апасродкаваныя – непасрэдныя зносіны.

Непасрэдныя зносіны – гэта зносіны, пры якіх вытрымліваецца адзінства часу і месца і не выкарыстоўваюцца штучныя сродкі камунікацыі. Пры непасрэдных зносінах моўца і слухач знаходзяцца ў адным месцы і ў адзін час, могуць задаваць адзін аднаму пытанні і тут жа атрымліваць адказы на іх, могуць бачыць рэакцыю адзін аднаго, г. зн. паміж імі існуе зваротная сувязь. Невыкананне хоць бы адной з умоў (адсутнасць адзінства часу або месца альбо выкарыстанне штучных сродкаў камунікацыі) робіць зносіны апасродкаванымі. Напрыклад, зносіны студэнтаў, якія знаходзяцца ў адной аўдыторыі, з дапамогай запісак з’яўляюцца апасродкаванымі, паколькі яны выкарыстоўваюць штучныя сродкі камунікацыі (паперу і ручку).

Штучнымі сродкамі камунікацыі з’яўляюцца ўсе тыя сродкі, якія чалавецтва прыдумала для перадачы інфармацыі, пачынаючы ад ручкі і паперы і заканчваючы радыё, тэлебачаннем і інтэрнэтам.

Пры непасрэдных зносінах камуніканты могуць выкарыстоўваць толькі натуральныя сродкі камунікацыі, да якіх ставяцца цела чалавека (у працэсе зносін чалавек выкарыстоўвае не толькі словы, але і міміку, жэсты, усё гэта называецца невербальнымі сродкамі камунікацыі), а таксама навакольнае становішча і асобныя прадметы, не прызначаныя спецыяльна для перадачы інфармацыі (на іх моўца можа, напрыклад, паказваць у працэсе зносін).

Штучныя сродкі камунікацыі валодаюць вялікай колькасцю добрых якасцяў – яны дазваляюць перадаваць інфармацыю ў прасторы і ў часе, капіраваць яе і г. д. але яны маюць і шэраг недахопаў: напрыклад, магчымасці перадачы пачуццяў, эмоцый пры апасродкаваных зносінах істотна абмежаваныя. Нават такое дасягненне сучаснай навуковай думкі, як відэасувязь, не дазваляе ў поўнай меры замяніць непасрэдныя зносіны, многія нюансы непасрэдных зносін відэасувязь не ў стане перадаць.

Непасрэдныя зносіны з’яўляюцца зыходнымі і асноўнымі, першаснымі. Яны пануюць у бытавой сферы. Апасродкаваныя зносіны вытворныя ад непасрэдных, надбудоўваюцца над імі. У камунікацыі людзі часта імкнуцца наблізіць апасродкаваныя зносіны да непасрэдных, стварыць ілюзію непасрэднасці. Невыпадкова так папулярныя розныя тэлеперадачы, у якіх гледачы прысутнічаюць непасрэдна ў студыі (непасрэдна маюць зносіны з вядучым), а тэлегледачы могуць патэлефанаваць у студыю і задаць пытанне ў прамым эфіры.

  1. Вербальныя – невербальныя зносіны.

Невербальныя кампаненты камунікацыі (НВКК) – гэта ўсё неславесныя кампаненты зносін – міміка, жэсты,  позы, асаблівасці выкарыстання прасторы, тэмбр, агульная гукавая афарбоўка маўлення, яго тэмп. НВКК сустракаюцца не толькі ў вусным, але і ў пісьмовым маўленні. Для рукапіснага тэксту гэта асаблівасці почырку, характар паперы, для друкаванага – шрыфт, карцінкі, графікі, схемы, смайлікі, мультымедыйныя кампаненты і многае іншае.

Існуе мноства сітуацый зносін без слоў, г. зн. толькі невербальных зносін. А вось сітуацый выключна вербальных зносін не існуе. Натуральная вусная размова абавязкова афарбаваная пэўнай інтанацыяй, валодае сваім тэмбрам, здзяйсняецца ў канкрэтным тэмпе, у любым пісьмовым тэксце прысутнічаюць невербальныя кампаненты (ён напісаны на пэўнай паперы, нядбайна, з помарками, або старанна, прыгожым почыркам, надрукаваны пэўным шрыфтам і г. д.). Невербальныя кампаненты перадаюць якую-небудзь новую інфармацыю, не выяўленую словамі, альбо дапаўняюць і ўдакладняюць тое, што выказана вербальна.

Такім чынам, адрозніваючы вербальныя і невербальныя зносіны, трэба памятаць, што часцей за ўсё яны выступаюць разам, прычым вербальныя зносіны заўсёды суправаджаецца элементамі невербальных ці нават зліваюцца з імі.

Існуе некалькі класіфікацый НВКК. Як адзначае І. А. Сцернін, невербальныя сігналы дзеляцца на сімптомы, сімвалы і знакі.

Сімптомы – гэта невербальныя з’явы, якія праяўляюцца несвядома, адлюстроўваюць псіхічны і фізічны стан чалавека (напрыклад, чалавек чырванее, калі хвалюецца).

Сімвалы – вынікі праяўлення т. зв. сацыяльнага сімвалізму – сімвалічнага значэння, якое прыпісваецца соцыумам пэўным прадметам, з'явам і дзеянням. Напрыклад, доўгія валасы ў мужчыны – сімвал артыстычнай натуры. Сімвалы маюць ярка выяўленую нацыянальную спецыфіку.

Знакі (уласна невербальныя сігналы) – аўтаматызавана або свядома прадуцыраваныя невербальныя дзеянні, якія маюць у гэтай культуры пэўны знакавы сэнс, стандартнае значэнне.

Невербальныя знакі ўключаюць у сябе:

– знакі мовы рухаў цела (погляд, міміка, пастава, поза, хада і г. д.);

– знакі арганізацыі прасторы (праксемічныя знакі);

– знакі адсутнасці маўлення (маўчання).

Сярод невербальных знакаў самую вялікую групу складаюць жэсты, якія дзеляцца на:

– намінатыўныя – замяняюць, дапаўняюць або дубліруюць вербальныя сігналы (“праходзьце”);

– эмацыйна-ацэначныя – выказваюць ацэнку чаго-небудзь (адабрэнне, незадавальненне);

– указальныя – вылучаюць прадмет, арыентуюць суразмоўцу;

– рытарычныя – узмацняюць змест, акцэнтуюць увагу на чым-небудзь;

– гульнявыя, жартоўныя – выкарыстоўваюцца для гульні, забавы (рожкі, нос);

– магічныя – выкарыстоўваюцца ў забабонных, магічных мэтах (хрысціцца, скрыжаваць пальцы).

Значная колькасць жэстаў супадае ў розных народаў, але на гэтым фоне ярка вылучаюцца нацыянальна-спецыфічныя жэсты. Напрыклад, шырока вядомы жэст “о’кей” у Францыі азначае нуль, а ў Японіі – грошы. Жэст “палец уверх” у Грэцыі мае значэнне “замаўчы”, а ў Германіі і Італіі так пазначаецца лічба 1.

Паказванне мезенца ў амерыканцаў азначае “дрэнна”, у японцаў гэты жэст мае значэнне “палюбоўніца” [35, с. 60].

  1. Віды зносін у залежнасці ад суб’ектаў зносін.

Розныя бакі зносін не цалкам самастойныя ў адносінах адзін да аднаго. Наадварот, паміж імі выяўляюцца ўстойлівыя сувязі, узаемазалежнасці. Гэта дазваляе прадстаўляць разнавіднасці зносін не спосабам класіфікацыі па ўсіх магчымых падставах, а праз сістэму тыпаў, якія характарызуюць зносіны праз комплексы заканамерна звязаных паміж сабой прымет.

Вядучай прыметай тыпу зносін, які абумоўлівае і іншыя характарыстыкі камунікацыі, з’яўляецца сістэма дзейных у зносінах асоб, суб’ектаў зносін. Пры такім падыходзе да апісання зносін вылучаюцца  чатыры асноўныя тыпы:

  1. Зносіны з рэальным партнёрам:

а) міжасобасныя зносіны;

б) прадстаўнічыя і ролевыя зносіны;

в) групавыя зносіны (публічныя і масавыя);

г) зносіны культур.

  1. Зносіны з ілюзорным партнёрам.
  2. Зносіны з уяўным партнёрам.
  3. Зносіны ўяўных партнёраў.

Разгледзім гэтыя тыпы падрабязней.

Зносіны з рэальным партнёрам існуюць у некалькіх разнавіднасцях. Варыянт 1а – міжасобасныя зносіны: партнёры выступаюць у іх як індывідуальнасці, г. зн. у зносінах на першы план выходзяць любыя іх індывідуальныя, асаблівыя рысы і ўласцівасці (прыклады такога тыпу зносін – сяброўская гутарка або сямейны скандал).

Варыянт 1б утвараюць прадстаўнічыя і ролевыя зносіны. У прадстаўнічых зносінах партнёры па камунікацыі выступаюць як прадстаўнікі пэўных сацыяльных груп, таварыстваў, арганізацый, і менавіта гэтыя іх якасці, важныя ў камунікацыі, выходзяць на пярэдні план. Паводзіны людзей у прадстаўнічых зносінах нярэдка хара-ктарызуюць як ролевыя. Гэтыя разнавіднасці зносін аб’ядноўвае тое, што як у прадстаўнічых, так і ў ролевых зносінах індывідуальныя прыкметы  камунікантаў не павінны ўлічвацца. У многіх выпадках прадстаўнічыя і ролевыя зносіны, сапраўды, цалкам супадаюць, аднак не ўсякая камунікатыўная роля вызначаецца тым, што чалавек выступае прадстаўніком нейкай сацыяльнай групы. Магчымыя і іншыя ролі: парушальніка спакою, міратворцы, тыповага песіміста, непапраўнага аптыміста і да т. п.

Міжасобасныя зносіны (варыянт 1а) не могуць быць афіцыйнымі. Прадстаўнічыя зносіны звычайна бываюць афіцыйнымі, але ступень іх афіцыйнасці можа быць рознай.

Варыянт 1в – групавыя зносіны. Гэта зносіны паміж цэлымі групамі людзей або зносіны аднаго чалавека з групай (групамі) людзей. Разнавіднасці апошніх – публічная і масавая камунікацыя.

Чым публічныя зносіны адрозніваюцца ад масавых? Пры публічных зносінах адрасат у цэлым вядомы, знаходзіцца ў поле зроку таго, хто гаворыць. Напрыклад, выступленне з дакладам, лекцыя, рэлігійная пропаведзь, парламенцкая гаворка – ва ўсіх гэтых выпадках  моўца  бачыць аўдыторыю, ведае, хто перад ім знаходзіцца, аўдыторыя можа задаваць выступоўцу пытанні. Пры масавай камунікацыі адрасат знаходзіцца па-за полем зроку аўтара тэксту, ён толькі прагназуецца, вылічаецца. Напрыклад, перыядычны друк, радыё, тэлебачанне, інтэрнэт – усё гэта сродкі масавай камунікацыі. Журналіст не ведае, хто будзе слухаць яго перадачу ці чытаць яго артыкул, ён толькі мяркуе, якая гэта будзе аўдыторыя.

Масавая камунікацыя – апасродкаваныя зносіны пераважна аднанакіраванага характару, таму яе характарызуюць як уздзеянне, а не як узаемадзеянне суб’ектаў зносін.

Многія даследчыкі (філосафы, сацыёлагі, псіхолагі, лінгвісты) звяртаюць увагу на тое, што шырокае распаўсюджванне ў апошні час менавіта апасродкаваных зносін нясе ў сабе шэраг істотных пагроз:

“Утвараючы гіганцкую і ўсё больш шырокую вобласць апасродкаванай камунікацыі, СМІ ўжываюць нямала прыёмаў, якія дазваляюць хоць бы збольшага (звычайна толькі вонкава) паменшыць ступень апасродкаванасці тых зносінаў, для якіх яны прызначаны. Гэта, напрыклад, так званы прамы эфір на радыё і тэлебачанні, інтэрактыўныя апытванні аўдыторыі, розныя шоу з прысутнасцю часткі гледачоў прама ў студыі падчас запісу праграмы, а таксама форумы, канферэнцыі, чаты (англ. chat ‘сяброўская размова, гутарка, балбатня’) і іншыя магчымасці, якія прадастаўляе карыстальнікам інтэрнэт. І ўсё ж доля апасродкаваных зносін у чалавечай камунікацыі, у значнай меры з прычыны дзейнасці сучасных электронных СМІ, няўхільна павялічваецца, а доля непасрэдных зносін людзей адпаведна памяншаецца. Гэта выклікае неспакой філосафаў, сацыёлагаў, псіхолагаў, педагогаў, заканадаўцаў, таму што СМІ, распаўсюджваючы вялікія аб’ёмы інфармацыі, актыўна (і эфектыўна) арганізуючы масавую аўдыторыю, здольныя аказваць на яе не толькі станоўчае ўздзеянне. Яны могуць спрыяць і стандартызацыі культуры ў яе прымітыўных варыянтах, усталяванню панавання масавых ідэалогій, паслабленню індывідуальнага пачатку ў чалавечай свядомасці і паводзінах” [15, с. 28].

Варыянт 1г –  зносіны культур. Няма ніводнай культуры, якая развівалася б у абсалютнай ізаляцыі ад іншых культур. Не існуе і абсалютна аднародных, унутрана цалкам суцэльных культур.

Асноўнае ўвасабленне культуры – тэксты, і ў дачыненні да тэкстаў і моў іншых культур, у іх вывучэнні, разуменні, засваенні, запазычанні або ў іх забароне, знішчэнні, падмене іншымі тэкстамі ажыццяўляюцца дыялогі культур, міжкультурная камунікацыя. Існуе некалькі спосабаў узаемадзеяння культур. Па-першае, чужая культура можа адрыньвацца, такая з’ява пазначаецца тэрмінам “ксенафобія”, г. зн. боязь усяго чужога. Па-другое, чужая культура можа прымацца за ўзор для пераймання, тады прадстаўнікі іншай культуры слепа пераймаюць узоры чужой культуры, бяздумна запазычваючы ўсё – і добрае, і дрэннае. Такая з’ява пазначаецца тэрмінам “манія” (пар.: англаманія, франкаманія і да т. п.). І, нарэшце, можа ажыццяўляцца разумны дыялог культур, калі культуры абменьваюцца сваімі лепшымі ўзорамі, пры гэтым развіваючыся і узбагачаючы адна другую.

Пад “зносінамі з ілюзорным партнёрам” разумеецца камунікатыўнае ўзаемадзеянне чалавека з жывёламі, прыродай, рэчамі. Да ўяўных аб’ектаў адносяць міфалагічныя істоты, мастацкія вобразы, прадстаўленне самога сябе ў якасці асобнага суб’екта, з якім можна мець зносіны (так званае другое “я”). “Зносіны ўяўных партнёраў” – гэта зносіны персанажаў у свеце мастацкага твора.

 

 

  1. Варыянты зносін з функцыянальнага пункту гледжання – інфарматыўныя, рэгулятыўныя і фатычныя зносіны

З функцыянальнага пункту гледжання на першае месца выходзіць мэта зносін. У зносінах інфарматыўных асноўнай мэтай з’яўляецца змяненне ведаў адрасатаў шляхам паведамлення ім пэўнай інфармацыі. Існуе мноства жанраў інфарматыўных зносін – напрыклад, да інфарматыўных адносіцца большасць жанраў СМІ (навіны, нарыс, рэпартаж і г. д.). Не выпадкова абрэвіятура СМІ расшыфроўваецца як “сродкі масавай інфармацыі”.

Рэгулятыўныя ж зносіны прама накіраваны на арганізацыю або рэарганізацыю камунікатыўнага калектыву; з дапамогай рэгулятыўных зносін мы непасрэдна кіруем адзін адным як удзельнікамі зносін. Да жанраў рэгулятыўнага характару адносяцца такія віды міжасобасных зносін, як прадстаўленне або зварот, а таксама многія формы дзелавых зносін – загад, распараджэнне, пастанова.

Мэтай фатычных зносін з’яўляюцца самі зносіны. Фатычныя зносіны – гэта зносіны дзеля саміх зносін. Найбольш тыповымі прыкладамі такога роду зносін з’яўляюцца сяброўская балбатня і свецкая гутарка. Напрыклад, свецкія зносіны маюць некалькі мэт: па-першае, запоўніць час гутаркай, па-другое, прадэманстраваць прыналежнасць суразмоўнікаў да адной групы, па-трэцяе, выканаць прыняты ў грамадстве для гэтага тыпу сітуацый рытуал. У свецкіх зносінах існуюць шматлікія табу і абмежаванні (напрыклад, на выбар тэм для размовы), рэгламентавана агульная танальнасць размовы, вызначаны многія іншыя параметры зносін. Так, свецкія зносіны не прадугледжваюць глыбокіх дыскусій, спрэчак, сутыкненняў меркаванняў, а, наадварот, выключаюць іх. Гэта ўзаемна прыемная размова, якая ні да чаго фармальна не абавязвае на агульныя тэмы, асноўная мэта якой – правесці час з суразмоўцам, застаючыся з ім у вербальным кантакце [34, с. 18].